![]()
Выкручваць рукі лепш бязь сьведак, нават калі гэта калегі па ЭАЭС. Калі на пачатку году здарылася «малочная вайна» і Расея чарговым разам увяла забароны на экспарт беларускага харчаваньня, Лукашэнка назваў ЭАЭС «таёжным саюзам», нават паабяцаў, што «будзем шукаць сваё шчасьце ў іншым месцы». З 19 чэрвеня па 12 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы сам-насам чатыры разы. Публічная крытыка кіраўніком Беларусі дзейнасьці ЭАЭС сьцішылася. Наадварот, па словах Лукашэнкі, было «поўнае паразуменьне з прэзыдэнтам Расіі». Аднак за апошнія паўтара тыдня Лукашэнка тройчы скрытыкаваў дзейнасьць ЭАЭС. Спачатку 27 лістапада на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў краін-чальцоў Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Менску беларускі дыкататар наракаў на перашкоды і бар’еры ў гандлі ў межах саюзу. Тыя ж самыя папрокі Лукашэнка рабіў падчас інтэрвію тэлеканалу «Расея-24». І вось цэлы фантан абвінавачаньняў прагучаў на саміце ЭАЭС 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Гэтыя выпады Лукашэнкі цікавыя некалькімі момантамі.