Леанід Судаленка: Зараз прыходзяць па дапамогу цэлымі заводамі

Адвакат «дармаедаў» – пра прэстыжную францускую прэмію і сітуацыю ў Беларусі. Леанід Судаленка стаў першым беларускім праваабаронцам, які атрымаў францускую прэмію «Свабода-Роўнасьць-Братэрства». 10 сьнежня адвакат «дармаедаў» будзе на цырымоніі ўзнагароджаньня ў Парыжы. Прэмію ён атрымае ад міністра юстыцыі Францыі. Пасьля вяртаньня на Радзіму праваабаронцу чакае прыём у францускага амбасадара, перадае «Радыё Свабода». Праваабаронца Леанід Судаленка 6 сьнежня, пасьля атрыманьня зьвесткі з Парыжу, Леанід Судаленка своеасабліва адсьвяткаваў прэмію. Зранку прыняў людзей, якія шукалі юрыдычнай дапамогі. Пасьля абеду ўдзельнічаў у судзе, дзе абараняў былых працаўніц Гомельскага лікёра-гарэлачнага заводу, якіх прадпрыемства, абвінавачвае ў недастачы. З такіх справаў складаюцца дні праваабаронцы. Рабочаму адарвала руку на прадпрыемстве, і кіраўніцтва адмовілася аплаціць шкоду. Іншы праз вытворчую траўму зрабіўся інвалідам — заводу няма справы да гэтага.