![]()
Ён быў выдатным дзеячам нацыянальнага руху, змагаром за беларускасць. Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 году ў фальварку Лябёдка ля мясцовасці Галавічполе, што на Шчучыншчыне, піша harodniaspring. org. Ягоны бацька Леанард быў выбітным навукоўцам, сябрам расейскага хіміка Дзмітрыя Мендзялеева, а браты сталі дзеячамі іншых народаў: Юры Іваноўскі – польскага, а Тадэвуш Іваноўскі – літоўскага. У 1904-ым Вацлаў скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, займаўся ў горадзе на Няве да 1913-га навуковай і выкладчыцкай працай. Стаў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай партыі, пасля яе расколу ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Займаўся выдавецтвам, зрабіў апрацоўку першага беларускага буквара. Разам з сябрамі друкаваў у Лябёдцы першую беларускую газету “Свабода”, наклад якой быў знішчаны ні то бацькам, ні то самымі выдаўцамі з-за пагрозы арышту паліцыяй. У пачатку 1906-га ўзначаліў створанае у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва – суполку “Загляне сонца і ў наша ваконца”.