Акадэмік Радзім Гарэцкі адзначае сваё 90-годдзе

Пра лёсы свайго бацькі – акадэміка Гаўрылы Гарэцкага і дзядзькі – пісьменніка Максіма Гарэцкага распавядае сам Радзім Гаўрылавіч. – Максіма Гарэцкага асудзілі на пяць год высылкі, а Гаўрылу Іванавіча да смяротнага пакарання. Але потым замянілі 10-ю гадамі пасадкі ў канцлагер. І ў 1931 годзе Максім Гарэцкі паехаў у Кіраў, у Вятку тады. Там жудасць, канешне, была. А Гаўрылу Іванавіча накіравалі ў Салаўкі, а потым – на Беламорска-Балтыйскі канал. І там быў момант, калі патрэбныя былі спецыялісты, больш менш пісьменныя людзі. І набіралі людзей у геалогію. І Гаўрыла Іванавіч трапіў геолагам. І як напісалі потым, малады акадэмік стаў яшчэ больш маладым геолагам. І праз некаторы час, праз чатыры гады, ён прывёз усіх нас, рававядае “Радыё Рацыя” Радзім Гарэцкі. Мама мая закончыла Ціміразеўскую акадэмію, яна апынулася ў такой сітуацыі, што ад яе ўсе адвярнуліся. Выгналі яе з працы. Яна не ведала, што рабіць. Бо быў такі час, што калі ты ведаеш ворага народа, дык сам робішся ворагам – могуць пасадзіць за сувязь.