![]()
Ірыне Касцевіч трэба падаваць у адстаўку. Пяцьсот тысячаў чалавек – гэта многа ці мала? У маштабах нашай краіны – гэта трошкі болей за пяць працэнтаў ад усёй колькасці насельніцтва. 500 тысячаў чалавек – столькі жыхароў мае толькі адзін абласны горад Беларусі, у астатніх пражывае меней. У вайсковых сілах Рэспублікі Беларусь служыць 72,5 тысячы чалавек. А ў запасе знаходзіцца амаль 345 тысячаў чалавек. 500 тысячаў чалавек пражывае ў такіх папулярных гарадах, як Дублін ці Ліверпуль. І менавіта 500 тысячаў чалавек палічылі дармаедамі беларускія ўлады. Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч заявіла, што ўжо працуе база дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы. Колькасць такіх людзей уражвае: 500 тысячаў чалавек. Яшчэ болей гэтая лічба ўражвае, калі ўлічыць колькасць зарэгістраваных беспрацоўных. Так, у верасні 2018 года ўсяго 8 тысячаў 900 чалавек стаялі на ўліку ў службе занятасці ці на біржы працы. За перыяд са студзеня па верасень гэтага года ў Беларусі назбіралася ажно 89,5 тысячаў беспрацоўных.