Тамара Шчапёткіна: Упэўнена, што прыйдзе час адказнасці і для ўладаў

Незалежная журналістка абскардзіла рашэнне суда. Тамара Шчапёткіна з Бярозы абскардзіла рашэнне суда Бярозаўскага раёна ад 5-га лістапада, перадае racyja. com. Суддзя Наталля Вакульчык палічыла яе вінаватай у абнародаванні інфармацыі пра юбілейны нумар часопіса «Жырандоля» да дня нараджэння беларускай паэткі Ніны Мацяш у замежным сродку інфармацыі – Беларускім Радыё Рацыя і пакарала штрафам у 35 базавых. Падставай для абвінавачвання сталі здымкі з удзелам у мерапрыемстве Шчапёткінай, дзе яна запісала ўдзельнікаў прэзентацыі часопіса – берасцейскіх пісьменнікаў на дыктафон. Зрабіла гэтыя здымкі і ласкава прадставіла органам загадчыца бібліятэкі, дзе праходзіла мерапрыемства, Тамара Кузняцова, кажа Тамара Шчапёткіна:– Чарговы чацвёрты па ліку штраф 35 базавых я ўспрыняла спакойна, як успрымае ахвяра гвалт над сабой ката, які мае сілу. Я ўпэўнена, што прыйдзе час адказнасці і для іх. Для гэтага існуе артыкул 198 Крымінальнага кодэкса. Калі яны не толькі будуць выплачваць штрафы, але і вяртаць грошы тым, каго каралі.