Уладзімір Хільмановіч: Пастановы ўлады маюць выразна абсурдны характар

Беларусы змагаюцца за права шанаваць памяць герояў Слуцкага паўстання. На пятнаццаць базавых велічынь аштрафаваны суддзёй Свіслацкага раённага суда Жанай Салагубік публіцыст і грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч, перадае racyja. com. Пакаранне штрафам за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» выглядае здзекам і ёсць пераследам за праяву нацыянальнай памяці, лічыць Уладзімір Хільмановіч:– На разглядзе сваёй адміністрацыйнай справы я не прысутнічаў. Па-першае, у мяне не было магчымасці сёння паехаць у Свіслач, а па-другое, не было асаблівага сэнсу. Бо ўсе гэтыя справы загадзя вызначаныя пастановай. Яны маюць выразна абсурдны характар з юрыдычнага гледзішча і выразна палітычны карны характар. І тое, што перада мною ўжо пяць чалавек старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандар Шылін аштрафаваў на буйныя сумы, не давала нейкай надзеі, што ёсць шанец абараніцца. Яшчэ два гарадзенцы: Сяргей Верамеенка і Мікола Салянік прыцягнуты да падобнай адміністрацыйнай справы ў Свіслачы.