![]()
Час спрасоўвае падзеі, сьцірае нюансы, пакідаючы Гісторыі галоўнае. Сяргей Навумчык на Радыё Свабодзе піша пра след, які пакінуў Джордж Буш-старэйшы ў беларускай гісторыі. - Першы амбасадар Італіі ў Беларусі Джанлюка Бэртынэта рапавядаў мне адну гісторыю са свайго дыпляматычнага мінулага. У 1970-х ён быў паслом у Кітаі, і ў той жа самы час амэрыканскае прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Пэкіне ўзначальваў колішні кангрэсмэн і прадстаўнік ЗША ў ААН Джордж Буш (афіцыйна Вашынгтон ня меў у Паднябеснай паўнавартаснай амбасады). Калі ў 1976 годзе прэзыдэнт Форд прызначыў Буша дырэктарам ЦРУ, той зрабіў у Пэкіне разьвітальны прыём для дыпляматаў. — Я пажадаў яму посьпеху і выказаў перакананьне, што пасада дырэктара ЦРУ — не апошняя ў ягонай будучай кар’еры, — апавядаў Джанлюка. — І нават сказаў, што не зьдзіўлюся, калі пабачу яго віцэ-прэзыдэнтам Амэрыкі. Але Буш успрыняў мае словы холадна. Потым я зразумеў, чаму. Ён, вядома, бачыў сябе ў Авальным кабінэце не другой асобай, а гаспадаром.