![]()
Меў рацыю папа Ян Павал II, калі казаў – «Ня бойцеся!». Трыццаць гадоў таму грамадзкасьці Віцебска ўдалося спыніць будаўніцтва атамнай станцыі. Аднойчы Алесь Адамовіч, які ў ліку першых пачаў грымець у чарнобыльскія званы, распавёў мне, як пасьля аварыі на ЧАЭС старшыня Савету міністраў СССР Мікалай Рыжкоў завяршыў нейкую нараду словамі ўдзячнасьці беларусам: «Пагутарыш з украінцамі – і адчуваеш сябе як выціснуты лімон: аднаго ў іх не хапае, другога, тое ім дай, гэтае падкінь. Бясконцыя прэтэнзіі і патрабаваньні. Іншая справа – беларусы: сказалі, нам нічога ня трэба, з Чарнобылем самі справімся!»І ўсё ж, саюзны прэм’ер перабольшыў альтруізм кіраўнікоў БССР: тое-сёе яны ў Масквы папрасілі. А менавіта – атамную станцыю. Праз год пасьля Чарнобылю. У 1987 годзе была прынятая Пастанова ЦК КПСС і Савету міністраў СССР ад 1 ліпеня і сумесная пастанова ЦК КПБ, Саўміну БССР і Мінэнэрга СССР ад 26 жніўня аб будаўніцтве Беларускай АЭС. «У мэтах забесьпячэньня ўводу ў дзейнасьць у чатырнаццатай пяцігодцы магутнасцей на Беларускай АЭС даручыць Дзяржпляну БССР і Галоўнаму вытворчаму ўпраўленьню энэргетыкі і электрыфікацыі Беларускай ССР прыняць меры для паскарэньня вышукальных работ і выбару пляцоўкі для будаўніцтва гэтай станцыі» – прадпісвала пастанова.