Замкнёнае кола лукашэнкаўскай Беларусі

Па коле рухаецца ня толькі вытворчасьць лёну, але і ўся краіна. Эпапэя з мадэрнізацыяй ільнаводзтва — такі самы надмагільны помнік беларускай сацыяльнай мадэлі, як і прыкра знакамітая мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі. Калі ўжо справа правальваецца, то ўсякая спроба яе ўратаваць зробіць толькі горш. Чацьвёрты закон ФінэйглаЯк у знакамітым рамане Ільфа і Пятрова пры слове «Бабруйск» сход сыноў лейтэнанта Шміта хваравіта застагнаў, так вышэйшае беларускае чынавенства нэрвова рэагуе на слова «Ворша». Летам найвышэйшы разнос за неадрамантаваны дах на адным з аршанскіх заводаў скончыўся адстаўкай ураду. 30 кастрычніка Лукашэнка зноў прыехаў у гэты горад, каб чарговым разам учыніць разбор палётаў. Цяпер тэмай нарады стала кепская сытуацыя ў ільнаводзтве. «Чаго ў мяне такі паганы настрой?» — спытаў сам сябе кіраўнік Беларусі, пазнаёміўшыся з станам спраў на Аршанскім ільнокамбінаце. Здавалася б, нічога новага, усё як звычайна. Аднак справа ў тым, што эпапэя з мадэрнізацыяй ільнаводзтва — такі самы надмагільны помнік беларускай сацыяльнай мадэлі, як і прыкра знакамітая мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі.