У Менску адбудзецца прэзентацыя кнігі пра Магдалену Радзівіл

Прэзентацыя кнігі адбудзецца 13 снежня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі. 13 снежня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь Віктар Хурсік прадставіць на суд чытача сваё дакументальнае даследаванне жыцця і дзейнасці Магдалены Радзівіл з роду Завішаў – кнігу «Vale!», паведамляе «Радыё Рацыя». Віктар Хурсік – выдавец, журналіст, які даследуе некаторыя аспекты беларускай мінуўшчыны і мае ў адносінах да іх сваё асабістае меркаванне. Галоўнае крэда даследчыка – падзеі павінны падавацца так, як засведчана ў дакументах. Пяру аўтара належаць шматлікія артыкулы краязнаўчага характару ў беларускай прэсе, першая кніжка пра Магдалену Радзівіл «Белы лебедзь у промнях славы», кніжка «Трагедыя Белай гвардыі» пра часы паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага і іншыя. Кніга, пра якую пойдзе размова, выклікае павагу ў тых, хто цікавіцца беларускай мінуўшчынай. Глыбіня і факталагічны бок даследавання зацікавілі не толькі беларускага чытача, але і польскіх гісторыкаў.