![]()
Фара Вітаўта магла бы быць адным з найстарэйшых касцёлаў у Беларусі. Ужо 57 гадоў гарадзенцы штогод узгадваюць тую лістападаўскую ноч, калі найстарэйшы касьцёл гораду ўзьняўся ў неба, а потым рынуў долу. У гадавіну падрыву Фары Вітаўта «Радыё Свабода» адказвае на дзевяць простых пытаньняў пра тую падзею. 1. Чаму гарадзенцы дагэтуль згадваюць пра Фару Вітаўта?Яны страцілі свой самы вялікі і самы стары касьцёл, першую каталіцкую сьвятыню Беларусі, зьвязаную з імёнамі славутых людзей. Цяпер ёй было б больш за 620 гадоў. На гравюры Томаша Макоўскага (1600 год) Фара Вітаўта ўверсе ў цэнтры, гэта самы высокі будынак Першы драўляны касьцёл на гэтым месцы пабудаваў князь Вітаўт, адсюль і назва. Фарны касьцёл, або Фара — значыць прыходзкі касьцёл, а ня той, што належаў манаскаму ордэну. Мураванай Фара Вітаўта стала дзякуючы каралю Стэфану Баторыю, які любіў Горадню, маліўся ў гэтай бажніцы і хацеў быць пры ёй пахаваны. Будынак мяняў назвы і ўласьнікаў, быў касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, праваслаўным Сафійскім саборам, зноў каталіцкім гарнізонным касьцёлам.