Беларусы троляць Мінінфармацыі

Некаторыя прапануюць увесці абавязковую ідэнтыфікацыю для бабулек на лавах каля пад’ездаў. Усяго два дні засталося да ўвядзення абавязковай ідэнтыфікацыі для каментатараў на сайтах. З 1 снежня, калі вы захочаце падзяліцца сваімі думкамі з іншымі інтэрнэт-карыстальнікамі, давядзецца пакінуць пра сябе звесткі. А менавіта імя, прозвішча, дату нараджэння, нумар тэлефона і нават пол. І толькі пасля гэтага вам дашлюць смс-код для таго, каб вы змаглі каментаваць на інтэрнэт-рэсурсе. Зразумела, гаворка ідзе пра беларускія сайты. Падобная ідэнтыфікацыя на сайтах BBC ці ў фэйсбуку не патрэбная. Так што, спяшайцеся пакідаць свае ананімныя каментары, пакуль гэта магчыма. З 1 снежня здзейсніць гэта ў даменнай зоне by будзе немагчыма. Перафразуючы вядомы выраз: не падабаецца – на замежныя сайты. А інтэрнэт-карыстальнікі, пакуль магчыма было пакідаць каментары, пачалі троліць Міністэрства інфармацыі. Напрыклад, некаторыя прапанавалі ўвесці абавязковую ідэнтыфікацыю для бабулек на лавах каля пад’ездаў.