Зянон Пазьняк: Патрыятычныя дзеяньні продкаў няхай стануць нам прыкладам

Каля 70 актывістаў наведалі мясьціны Слуцкага збройнага чыну. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ 25 лістапада правяла акцыю з нагоды 98-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. У мітынгу ў Слуцку ўдзельнічала не менш за 70 чалавек, перадае «Радыё Свабода». Спачатку ўдзельнікі акцыі наведалі месцы, зьвязаныя са Слуцкім паўстаньнем (вёскі Грозава, Семежава і Чырвоная Слабада (былая Вызна)). Прысутным быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка. «Патрыятычныя дзеяньні продкаў няхай стануць нам прыкладам. І гэта не рыторыка. Над нашай дарагой Бацькаўшчынай даўно навісла небясьпека і навісае кожны дзень. Мы гэта бачым. Але іншыя думаюць, што нічога ня станецца, і шчасьліва выплыве наш карабель. Так думалі ва Ўкраіне, пакуль ні напала на іх навала з усходу. Але ўкраінцы мелі грунт. У іх была ўкраінская школа, са сьцен якой выходзілі адукаваныя ўкраінцы з пашанай да Ўкраіны, быў украінскі кінематограф, там не было татальнай здрады і лукашызма. Нам будзе цяжэй. Але мужаймася, і найперш шануем нашу Беларускую Мову, Незалежнасьць і Свабоду», - гаворыцца ў звароце старшыні партыі.