Як за тыдзень скласьці свой радавод да пятага калена

Пакрокавы даведнік. Распытаць бабулю і дзядулю пра іхных бацькоў, зьезьдзіць у архіў Горадні ці Менску, пасядзець на сайце мармонаў. Карэспандэнт Свабоды за тыдзень раскапаў свой радавод па адной лініі да пятага калена. Цяпер расказваем, як гэта зрабіць. 1938 год. Адзіны фотаздымак з прапрадзедам Якубам (крайні справа) Свабода пісала пра бум генэалягічных пошукаў у Беларусі. Мы паспрабавалі заняцца гэтым самі. Аказалася — скласьці свой радавод ня надта цяжка. Крок 1. Распытаць бабулю і дзядулю«Дзед Ігнат нарадзіўся ў Перавалоцы. Пісаўся з 1903 году. А насамрэч быў з 1907-га. Ён быў каталіком. І ягоны бацька Якуб быў каталіком. Хадзіў да касьцёла ў Ружаны», — распавядае мне па скайпе дзед Коля пра род Трафімовічаў перад тым, як я выпраўляюся ў гарадзенскі архіў. Пачынаць пошукі варта менавіта з такіх сямейных гісторыяў. Трэба ведаць хаця б прыкладны год нараджэньня найстарэйшага сваяка і царкву ці касьцёл, куды хадзілі продкі. Бо раней ЗАГСамі былі цэрквы, касьцёлы, сынагогі і мячэці.