Насупраць Гістарычнай майстэрні раскапалі мацэвы

Калі знаходзяць мацэвы, іх звозяць да Мэмарыялу ахвяраў гета на вуліцу Сухую ў Менску. На вуліцы Сухой у Менску, насупраць Гістарычнай майстэрні, камунальныя службы закранулі ўскраек старых габрэйскіх могілак і раскапалі мацэвы — надмагільныя камяні, перадае «Радыё Свабода». Экскурсавод, менскі краязнаўца Павал Дзюсекаў паведаміў, што насупраць будынку Гістарычнай майстэрні на вуліцы Сухой у Менску камунальныя службы раскапалі камунікацыі. Кіраўнік праекту «Габрэйскае аблічча Беларусі» Аляксандар Фурс пабываў у нядзелю на месцы раскопак. На яго думку, раскапаныя камяні могуць быць мацэвамі. «Магчыма, гэта капалі рабочыя цепласетак альбо камунальныя службы. Ніякіх шыльдаў, хто і што капае, няма. Адзін надмагільны пастамэнт дакладна бачны. Вялікія камяні — гэта хутчэй за ўсё таксама будуць мацэвы, тым больш, прастакутныя камяні, але іх трэба пераварочваць. Трэба будзе ў панядзелак звязацца з тымі, хто капае, і папрасіць іх вельмі ашчадна перавярнуць камяні, прасеяць зямлю», — кажа Аляксандар Фурс.