![]()
Успаміны слуцкага паўстанца Тодара Данілюка. Сайт pawet. net апублікаваў мемуары аднаго з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну Тодара Данілюка. Звыш чвэрці стагодзьдзя адышло ў нябыт з тае пары, калі мне давялося браць удзел у падзеях, якія зьяўляюцца вялікім паваротам у гісторыі беларускага адраджэньня. На думку я маю здарэньні, зьвяэаныя з абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе і асабліва стварэньне беларускіх вайсковых адзінак і беларускае збройнае змаганьне на працягу ад 1917 па 1921 гг. Сёньня, калі мінае 24 гады ад выбуху Слуцкага паўстаньня і перад намі ўстаюць падобныя, калі ня тыя самыя заданьні, як тады, я рады падзяліцца з усімі суродзічамі, а асабліва маладым пакаленьнем, тымі сьціплымі весткамі, якія захаваліся ў маёй памяці да гэтае пары. Яшчэ да першае сусьветнае вайны і падчас яе мне давялося адведаць шмат куткоў былое Расейскае імпэрыі. I дзе я толькі не затрымліваўся, расейцы дапякалі мяне за мой нячысты акцэнт, называючы мяне палякам, а палякі, наадварот, звалі кацапам.