«Фаны зборнай, безумоўна, патрыёты»

Як рабілі вялізны БЧБ-сцяг, які мы бачылі на матчы з Сан-Марына. У нядзелю зборная Беларусі ўпэўнена перамагла ў гасцях Сан-Марына, заняла першае месца ў сваёй групе Лігі нацый і выйшла ў плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2020. У Серавале «белакрылых» падтрымлівала шмат заўзятараў. Беларусы паводзілі сябе актыўна і былі значна гучнейшыя за гаспадароў. Скандавалі, спявалі «Тры чарапахі» NRM і народную «Купалінку». А напрыканцы матчу расцягнулі над сваім сектарам вялізарны бел-чырвона-белы сцяг шырынёй 10 метраў і вышынёй 4,5. Яшчэ адзін сцяг, трошкі меншы, ляжаў на крэслах. «Трыбуна» пагутарыла з фанатам зборнай, які стаў адным з ініцыятараў з’яўлення вялікага палотнішча на стадыёне. Сваё імя прыхільнік папрасіў не друкаваць, але ахвотна распавёў пра тое, як з’явілася ідэя і як яна была рэалізавана. – Упершыню гэты сцяг расцягнулі на выязной гульні з Малдовай у верасні. Тады двума мікрааўтобусамі [беларускія фаны] прыехалі ў Затоку, каб адпачыць некалькі дзён на моры перад гульнёй.