![]()
Праз 5 гадоў з моманту пачатку Еўрамайдана стала зразумела, што мы сталі сведкамі эпахальнай падзеі. Амаль 100 дзён доўжылася драматычнае супрацьстаянне ўкраінскіх грамадзян з алігархічным рэжымам Януковіча. За гэты час Майдан у цэнтры Кіева пераўтварыўся ў сапраўдны бастыён свабоды са сваімі правіламі і каштоўнасцямі. У нечым ён нагадваў казацкую рэспубліку Запарожскую сеч, дзе аўтарытэт сярод ваяроў трэба было заслужыць сваім прыкладам, а не навязваць яго з дапамогай дзяржаўных інстытуцый. Я заспеў Майдан у канцы лістапада – пачатку снежня 2013 года. У той момант яшчэ не было яснага бачання перспектыў пратэсту. Відавочна толькі было тое, што гэта надзвычай масавая праява грамадзянскай пазіцыі ўкраінцаў. У некаторыя дні колькасць пратэстоўцаў на Майдане і прылеглых да яго вуліц даходзіла ад некалькіх сотняў тысяч да мільёна чалавек. Нічога падобнага ў жыцці я больш не адчуваў ніколі. Памятаю свой першы выхад у жывы эфір “Радыё Рацыя”. На пытанне вядоўцы “Як можаце апісаць атмасферу на Майдане” я спрабаваў знайсці нейкія гістарычныя паралелі, каб слухач з далёкага беларуска-польскага памежжа мог уявіць маштаб падзеі.