Вернікі патрабуюць беларускамоўных літургіяў у прыходзе, зь якога звольнілі сьвятара Шрамка

Вернікі перадалі кіраўніку БПЦ мітрапаліту Паўлу зварот у сувязі з скасаваньнем беларускамоўных літургіяў. Вернікі прыходу сьвятога Архангела Міхаіла, што ў менскім мікрараёне Сухарава, перадалі кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліту Паўлу зварот у сувязі з скасаваньнем беларускамоўных літургіяў, якія служыліся штонядзелі з сакавіка 2015 году, паведамляе «Радыё Свабода». У Менскай эпархіі сказалі, што варта пачакаць, што адкажа вернікам мітрапаліт Павел. Паводле прыхаджанаў, пры плянаваньні службаў на лістапад і далейшыя месяцы высьветлілася, што літургіі на беларускай мове на сьвята Раства, як гэта было тры гады запар, не плянуецца, а колькасьць беларускамоўных літургіяў скарачаецца — яны будуць толькі раз на тры месяцы ў будзённы дзень. Раней беларускамоўныя літургіі ў прыходзе сьвятога Архангела Міхаіла служыў айцец Аляксандар Шрамко, якога за крытыку патрыярха Кірыла сёлета ў кастрычніку вызвалілі ад пасады сьвятара «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня блаславеньня».