![]()
Беларус з пазыўным «Леў», працягвае настойваць на сваёй невінаватасьці. Справу беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко, які ўжо амаль год знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Марыюпалю праз падазрэньне ў выкраданьні чалавека, наўмысным забойстве і бандытызьме, будзе разглядаць суд прысяжных, перадае «Радыё Свабода». Кляўко спыніў галадоўку, абвешчаную ў жніўні на знак пратэсту супраць парушэньня ягоных правоў падчас перамяшчэньня з Дняпроўскай псыхіятрычнай лякарні ў сьледчы ізалятар Марыюпалю. Ігар Кляўко ў лісьце паведаміў Свабодзе, што канваіры падчас этапаваньня яму «пагражалі і білі па параненай назе», а таксама не дазвалялі зьвязацца з адвакатам. Апроч таго, у яго «выкралі кансэрвы ды іншую ежу». Беларускі добраахвотнік працягвае настойваць на сваёй невінаватасьці і абскарджвае ўтрыманьне пад вартаю ў апэляцыйных судах. У той жа час судовыя паседжаньні, як ён сьцьвярджае, адбываюцца безь ягонага ўдзелу. Ігар Кляўко таксама паведаміў, што яму ўвесь час адмаўляюць у сустрэчы з прадстаўнікамі консульства Чэхіі — у гэтай краіне ён мае статус уцекача.