Першы крок да свабоды

«Не бойцеся!», — заклікаў Ян Павел ІІ. «Баяцца — глупства», — казаў герой фільма «Дагрукацца да нябёсаў». «Баязлівасць — самы страшны грэх на зямлі», — напісаў Міхаіл Булгакаў і паўтарыў у апошнім слове ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў, асуджаны па сфабрыкаванай справе да 20 гадоў расійскай калоніі. У жыцці ёсць шмат момантаў, калі бывае страшна. Мы баімся, што не здолеем, не хопіць моцы, што занадта слабыя — і з’яўляемся такімі насамрэч. Але толькі да таго часу, пакуль не перастанем баяцца.  Калі страх адступае, чалавек робіцца свабодным. І самае важнае, што ў такога чалавека ўжо немагчыма адабраць яго свабоду, што б з ім не рабілі.  Менавіта таму расійскаму следству не ўдалося зламаць Алега Сянцова. Гэтага не здолелі зрабіць здзекі і катаванні, пры дапамозе якіх з вязня спрабавалі выбіць прызнанні ў злачынствах, якіх ён не здзяйсняў. Як не зламалі яго і 145 дзён галадоўкі, якую трымаў, пакуль не пачалі карміць прымусова. Наадварот — спалохаліся турэмшчыкі! «Мне не страшны гэты тэрмін у 20 год, якім мяне палохалі з самага пачатку, бо я ведаю, што эпоха крывавых карлікаў скончыцца значна раней», — сказаў Сянцоў падчас аднаго з судовых пасяджэнняў.