![]()
У якога помніка запрапанаваць папрасіць прабачэння пільным і мужным міліцыянтам? Відэа, у якім мужныя і пільныя міліцыянты ловяць вандала ля помніка Гарадавому (ці з дастаткова вялікай літары напісала я гэтае слова?), тым больш відовішча, дзе белакуры вандал шчыра просіць выбачэння ў помніка, узрушыла мяне да самых глыбінь душы. Так! Перапрасіць у помніка! Менавіта гэтага так не хапае нам у нашай стабільна няшчаснай краіне недавучаных дзяцей, недалечаных хворых, недаабароненых ад гвалту жанчын і рана паміраючых мужчын. Ідэя вялікага, агульнанацыянальнага фэстывалю перапрашэньня ў помнікаў сама сабой узьнікла і запалала паходняй у маёй настаўніцкай галаве. У першую чаргу я б хацела запрапанаваць нашым мужным і пільным абаронцам помнікаў пасадзіць у сваю машыну Леаніда Зайдэса — і няхай ён публічна і шчыра выбачыцца перад помнікам усім расстраляным у Курапатах. Ад самага лета да яго ганебнага рэстарану едуць-ядуць розныя асобы, якім ніяк ня едзецца і ня есца ў іншых, прыдатных для ежы, месцах — выбачацца можна да самага раньня.