Рэвалюцыя ў пекле

Апошні твор, напісаны Уладзіславам Ахроменкам. Апошні твор, напісаны Уладзіславам Ахроменкам, які быў зачытаны перад супрацоўнікамі «Радыё Рацыя» 27 кастрычніка ў Беластоку. За савецкім часам транзістарныя радыёпрыймачы з наборам кароткахвалёвых дыяпазонаў замянялі людзям кампутар, планшэт і Smart-тэлебачанне, разам узятыя. Па транзістары, за спрыяльнымі ўмовамі, можна было злавіць “Голас Амерыкі”, “ВВС”, “Нямецкую хвалю” і “Радыё Свабоду”. Праграмы замежных радыёстанцый, непадцэнзурных Савецкай уладзе, успрымаліся сігналамі з іншасвету. Дзякуючы ім можна было скласці ўяўленне пра тое, што адбываецца ў сусветнай палітыцы, мастацтве і нават модзе. Транзістарный прыймач “VEF-206” напачатку васьмідзесятых каштаваў 118 рублёў 02 капейкі – тры чвэрці зарплаты майго бацькі. Слухаць “Голас Амерыкі” проста ў нашым гомельскім двары пасёлка “Красный Акцябр” было непажадана: сусед, ветэран савецкіх “органаў”, напэўна настучаў бы “куды трэба”. Дый і глушылі тыя варожыя хвалі бязлітасна.