Чаму гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» 25 гадоў таму ня стаў дзяржаўным

Гісторыя аднаго ліста ад Васіля Быкава. У лістападзе 1991-га Васіль Уладзімеравіч Быкаў перадаў мне ліст, якім, паводле ягоных словаў, я мог распарадзіцца па ўласным меркаваньні. Але адзін асобнік (усяго іх было тры, аддрукаваныя на машынцы), ён папрасіў занесьці Іосіфу Сярэдзічу ў «Народную газету», рэдакцыя якой мясьцілася тады ў Доме ўраду. Прачытаўшы, я сказаў, што перадам ліст таксама афіцыйна, з рэгістрацыяй, у сакратарыят Вярхоўнага Савету. Ліст падпісалі Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Адзін асобнік я занёс у сакратарыят, другі аддаў Сярэдзічу, а трэці пакінуў сабе. Гэты аркуш цяпер перада мной. Прозьвішча Быкава ў подпісах на апошнім месцы, паводле альфабэту. Але я зразумеў ужо тады, што пісаў яго Васіль Уладзімеравіч — нават у гэтых некалькіх радках адчуваўся стыль быкаўскай публіцыстыкі. Гаворка ішла пра гімн новаўтворанай Беларускай дзяржавы:«Агульнавядома, што без нацыянальнай сымболікі немагчыма пасьпяховае ажыцьцяўленьне высакароднай ідэі самавызначэньня народу.