Гурт «Крама» прэзентуе максі-сінгл «Да неба»

Прэзентацыя новага максі-сінгла адбудзецца на канцэрце 17 лістапада ў клубе Coyote. Гурт “Крама” запісаў максі-сінгл “Да неба” і прэзентуе яго на канцэрце 17 лістапада ў менскім клубе Coyote. Максі-сінгл выдаецца на фізічных носьбітах – кампакт-дысках – і змяшчае запісы трох песень. “Да неба” прысвечаная памяці мастака і паэта Міхала Анемпадыстава — “Крама” аднавіла даўнюю малавядомую кампазіцыю групы “Бонда”, дзе Ігар Варашкевіч быў вакалістам. Студыйную версію нарэшце атрымала трэцяя частка песеннай гісторыі пра Стэфку — “Стэфка пра 30 год”. Трэці трэк – абсалютна новая песня “Не твая вайна”, створаная ў лепшых традыцыях гэтай легендарнай беларускай каманды, паведамляе “Радыё Рацыя”. На працягу гісторыі не ўсе свае студыйныя вопыты “Крама” лічыла ўдалымі, але на гэты раз запісвалася на польскай студыі Rembrandt у Беластоку, мастэрынгам займаўся вядомы спецыяліст Марэк Кубік. Музыкі спадзяюцца, што ўсе тры кампазіцыі будуць запатрабаваныя і ў радыёэфірах, бо запісы якасныя, а песні як заўсёды добрыя.