![]()
Напрыканцы кастрычніка ў яго здарыўся інфаркт. 9 лістапада 2018 года не стала таленавітага беларускага пісьменніка, драматурга, кінасцэнарыста Уладзіслава Ахроменкі. Пра гэта Радыё Рацыя. Яшчэ 29 кастрычніка ў Беластоку ў яго здарыўся цяжкі інфаркт. Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Паходзіў з сям’і інжынера завода РТА і выкладчыцы музычнай вучэльні. Вучыўся ў Гомельскай сярэдняй школе № 26 (1972—1978), сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе фартэпіяна (1978—1981), Гомельскай музычнай вучэльні імя Сакалоўскага (1981—1984), Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1984—1989, клас І. Цвятаевай). Працаваў выкладнікам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса «Крыніца», рэдактарам аддзела часопіса «Бярозка», адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты «Культура». З 1993 года працаваў па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі. Апошнімі гадамі актыўна супрацаваў з Радыё Рацыя. Жыў у Чарнігаве і Менску.