Калі паўстала першая беларуская палітычная партыя?

Першую падпольную арганізацыю пад назвай Беларуская Рэвалюцыйная Партыя беларусы стварылi ў 1902 годзе. Увосень 1902 года группа студэнтаў-беларусаў (В. Іваноўскі, А. Пашкевіч, І. Луцкевіч і інш. ) пачала ствараць у Пецярбурзе падпольную арганізацыю пад назвай Беларуская Рэвалюцыйная Партыя. Узімку 1902/03 года адбыўся з’езд прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Менска, Вільні і Пецярбурга, на якім была ўтвораная Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, пазней перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Да ліку заснавальнікаў БСГ акрамя названых асобаў належалі А. Луцкевіч, А. Бурбіс, К. Кастравіцкі, А. Уласаў, В. Ластоўскі і інш. Сваёй найбліжэйшай задачай БСГ ставіла звяржэнне самаўладдзя і заваёву дэмакратычных свабодаў у хаўрусе з іншымі народамі Расейскай дзяржавы, а канцовай мэтай — пабудову сацыялізму. Па нацыянальным пытанні ў першай праграме (1903 год) БСГ выказалася за стварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, а ў другой (1906 год) — за дзяржаўную аўтаномію Беларусі з Соймам у Вільні (у складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі) і культурна-нацыянальную аўтаномію для нацыянальных меншасцяў.