Пад Лідай знойдзены яшчэ адзін помнік паўстанцам Каліноўскага

Гісторыя вярнула нам падзею, будзем спадзявацца, што верне і імёны. Пра гэта піша Яраслаў Грынкевіч у артыкуле для выдання «Наша слова». Вядомы лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш, разбіраючы ўспаміны ўладальніка Ішчалны (цяпер Шчучынскі раён) Караля Лясковіча, якія захоўваюцца ў відзе машынапісу ў фондзе Асалінскіх ва Уроцлаве, знайшоў наступны фрагмент:«На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўночна-ўсходнім накірунку (так у тэксце, рэальна – у паўночна-заходнім накірунку, г. л. карту) знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні – помнік 1863 г. Тут была супольная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі». Здаўна вядомая капліца на могілках у Станкевічах, якая паводле мясцовай легенды была збудавана паўстанцамі за адну ноч. Некалькі гадоў назад капліца была рэстаўравана, грунтоўна адрамантавана і зараз знаходзіцца ў добрым стане. 21 кастрычніка актывісты лідскіх грамадскіх арганізацый арганізавалі краязнаўчую экспедыцыю ў раён Станкевічаў і Стрэліцы.