![]()
Гісторыя аб тым, як у цягніку ехаў беларускі чыноўнік. Яны існуюць — чыноўнікі-дыназаўры! Не, пачну зь белай сарны. Гасьцявалі мы ў дзядзькі. Гулялі цемрай ля могілак (заўсёды так робім). І нешта белае з доўгімі нагамі праляцела праз дарогу. «Здань, мярцьвяк!» — радасна закрычала я. «Мусіць, гэта сарна-альбінос, такое бывае», — супакоіў мяне прыяцель. Для вясковага жыцьця «нешта белае бегла па дарозе» — топ-навіна. Таму адразу паведамілі дзядзьку, які маркотна курыў на тэрасцы: «Нешта белае бегла па дарозе». «Мярцьвяк!» — віскнула я. «Нешта падобнае да сарны», — удакладніў прыяцель. «Яна існуе!» — дзядзька падскочыў, нібы шчупак яго схапіў за порткі, і пачаў ваўчком круціцца па тэрасе. «Міра, ідзі сюды! Бяжы, Міруся! Белая сарна існуе! Яна існуе!» — шалёна крычаў ён. Схапіў мабільны, пачаў барабаніць сябру: «Янка, Янка, белая сарна існуе!»Аказалася, што дзядзька даўно казаў, што недзе ў лесе за вёскай жыве белая сарна. Ды яму ніхто не даваў веры. Больш за тое, зь яго кпілі жонка і сябры.