У Свіслачы і Гародні пераследуюць удзельнікаў Дня памяці паўстанцаў

На некаторых актывістаў ужо складзены пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Гарадзенская міліцыя пачала выклікаць удзельнікаў Дня памяці паўстанцаў 1863 году, які прайшоў 27 кастрычніка традыцыйна ў Свіслачы і Якушоўцы. Грамадскім актывістам Віктару Сазонаву, Уладзіміру Хільмановічу і Ежы Грыгенчу тэлефанаваў прадстаўнік аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка і паведаміў, што міліцыі трэба правесці апытанне на прадмет знаходжання гэтых асобаў у Свіслачы 27 кастрычніка, паведамляе «Радыё Рацыя». Фота: harodniaspring. org На пытанне – ці ўжо складзены пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне – Вайцешка адказаў, што пакуль не. Аднак, па практыцы мінулых гадоў трэба меркаваць, што такія пратаколы неўзабаве з’явяцца і наперадзе адміністрацыйныя працэсы. Пазней, увечары 6 лістапада, стала вядома, што міліцыя прыйшла да свіслацкіх грамадскіх актывістаў Юры Глебіка і Віктара Пяцельчыца. На іх ужо складзены пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні.