![]()
Выезд жыхароў Беларусі за мяжу, асабліва апошнімі гадамі, набыў вельмі маштабны характар. Калі вы думаеце, што паміж Беларуссю і далёкім цэнтральнаамерыканскім Гандурасам на іншым канцы планеты няма падобнага, то вы моцна памыляецеся. Ёсць адна значная рэч, якая дазваляе рабіць хоць і супярэчлівыя, але выразныя паралелі. З Гандурасу многатысячнай калонай у бок Злучаных Штатаў Амерыкі рухаецца вялізны натоўп мігрантаў. Яны ідуць з цэнтральнай часткі амерыканскага кантыненту магутнай хваляй праз дзве тысячы кіламетраў, праз Гватэмалу і Мексіку і маюць цвёрды намер дасягнуць тэрыторыі ЗША. Ліберальныя медыі называюць гэтых людзей чамусьці бежанцамі. Але зусім незразумела, чаму уся гэтая агромністая арда не выходзіць на вуліцы сваёй сталіцы Тэгусігальпы і не патрабуе ў свайго ўраду змены парадкаў. Незразумела, чаму людзі не хочуць памяняць жыццё ў сваёй краіне да лепшага, уладкаваць эканоміку і працаваць на свой дабрабыт дома. У Гандурасе няма зараз ні вайны, ні жахлівых прыродных катаклізмаў.