Барыс Хамайда: Той народ, што ня памятае мінулага, ня мае будучыні

Актывісты ушанавалі памяць пачынальнікаў дэмакратычнага руху ў Віцебску. 2 лістапада, у некалі афіцыйную дату дзяржаўнага календара, адзін з найстарэйшых віцебскіх актывістаў Барыс Хамайда разам з паплечнікамі ўсклаў кветкі на магілы пахаваных у Віцебскім раёне пачынальнікаў дэмакратычнага руху ў Віцебску, паведамляе віцебская «Вясна». Традыцыю запачаткавалі ў 2006 годзе, калі памёр колішні кіраўнік гарадзкой арганізацыі КХП БНФ Уладзімер Плешчанка. Штогадовы жалобны маршрут пачынаецца з гарадзкіх могілак «Копці», вядзе да магілы Ўладзімера Плешчанкі, што ў вёсцы Друкава, і заканчваецца ля сымбалічных крыжоў у памяць ахвяраў таталітарнага рэжыму ля вёскі Паляі. Большая частка сяброў знайшлі свой спачын на могілках «Копці».