![]()
Беларуская ўлада толькі фармальна беларуская, і выглядае на тое, што толькі фармальна ўлада. Гадоў дваццаць ня быў у Маскве. Трапіў зноў у пачатку ўкраінскай вайны. Пахадзіў, паглядзеў, убачыў — расейская сталіца зьмянілася. Няма натоўпаў з «кілбасных электрычак», не відаць чэргаў. Масквічы сталі больш прыветлівымі. І ўсюды бачныя прыкметы зьліцьця постсавецкай Расеі з Расеяй царскай. Вось на Цьвярской гістарычны будынак. На сьцяне першага паверха два барэльефы — Ленін выступае з трыбуны, на другім надпіс інфармуе, што тут у 1917 г. дзейнічаў ваенна-рэвалюцыйны камітэт. А над усім гэтым на ўзроўні другога паверха вісіць, пакрывае рэвалюцыйныя выявы велізарны царскі арол —пазалочаны, двухгаловы. Што называецца «яднаньне адбылося». На глебе імпэрскага сіндрома. Вось і дата 4 лістапада — нацыянальнае расейскае сьвята — «Дзень народнага адзінства» — зацьверджанае ў 2004 г. Тут бачны прадуманы акт гістарычнай палітыкі і «паяднаньня» дзьвюх Расеяў. Па-першае, выбраны дзень блізкі да 7 лістапада — сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, каб не ламаць, а наадварот, выкарыстаць савецкі стэрэатып масавай сьвядомасьці, бо людзі прывыклі да чырвонага дня календара ў пачатку лістапада.