![]()
У вёсцы Варакомшчына быў адкрыты мемарыяльны камень з шыльдай, прысвечанай пісьменніку. Увесь дзень 3 лістапада на Дзятлаўшчыне адбывалася шырокае ўшанаванне лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслава Адамчыка (1933-2001), якому 1 лістапада споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння, паведамляе «Радыё Рацыя». Урачыстасці пачаліся ў Круцілавіцкай сярэдняй школе, дзе былі наладжаны дзве выставы, прысвечаныя жыццю і творчасці земляка. У Круцілавіцкай школе ў гэты дзень прэзентавалі музей-пакой, прысвечаны Вячаславу Адамчыку. А ў актавай зале пра яго ўспаміналі землякі, пісьменнікі, сябры. Цікавыя эпізоды сустрэч з пісьменнікам прыгадвалі літаратары Леанарда Юргілевіч, Сяргей Чыгрын, Аляксей Пяткевіч, Алена Абрамчык. Шчырыя словы ў адрас арганізатараў мерапрыемства выказаў кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, асабліва ў адрас настаўніка Круцілавіцкай СШ Сяргея Каско, які шмат зрабіў дзеля ўшанавання свайго земляка і фундатараў мерапрыемства.