Дзяды пад Віцебскам: каб ахвяры сталінізму не былі забытыя

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» наведалі месцы масавых расстрэлаў. Таксама актывісты усталявалі крыжы з надпісамі пра трагедыю 1930-х гадоў каля перапахаваньняў парэштак расстраляных паведамляе «Радыё Свабода». Больш не «ахвяры вайны» На брацкіх могілках Паводле распараджэньня Мазалаўскага сельсавету, парэшткі ахвяраў сталінізму, знойдзеныя ў 2014-м годзе ў навакольлях вёскі Хайсы, перапахавалі як «ахвяраў вайны» на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна. Ян Дзяржаўцаў, дасьледчык сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам, вырашыў спыніць гэтую недарэчнасьць. «На месцы перапахаваньня мы ўсталявалі крыж з надпісам „Ахвярам сталінскіх рэпрэсій“. Кожны, хто ўбачыць яго, задумаецца: чаму ахвяры сталінізму пахаваныя разам з загінулымі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Таму, што ініцыятары перапахаваньня ўзялі грэх на душу, схлусілі нашчадкам! Наша задача — выправіць несправядлівасьць», — лічыць актывіст. Крыжы асьвяціў ксёндз Вячаслаў Барок Два крыжы над адной магілайЗ ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, крыж з такой самай шыльдай быў усталяваны і на ўскрайку могілак у вёсцы Мазалава: там перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля Хайсоў пазьней, у 2017-м годзе.