![]()
Сямейная гісторыя беларуса ад Першай сусветнай вайны. Мае бабулі захавалі вялікі сямейны архіў фатаздымкаў, найстарэйшыя зь якіх датуюцца трыццатымі гадамі мінулага стагодзьдзя. Аднойчы я іх усе старанна сабраў і склаў у адмысловую тэчку. Пазьней я прывозіў здымкі, якія знаходзіў у апусьцелых хатах Чарнобыльскай зоны, хутарах, якія зьнішчалі пад будаўніцтва Астравецкай АЭС, і клаў побач зь сямейнымі. Цяпер тут і першыя здымкі з пашпартоў, выдадзеных кайзэраўскай уладай на акупаванай тэрыторыі, кавалеры і дзяўчаты, шлюбныя здымкі, беларусы ў польскім войску і Чырвонай арміі, на працы ў Нямеччыне падчас вайны, вяртанцы зь Сібіру і беларусы, вывезеныя на працу ў Карэлію і на Ўрал. . . Мінуў час, і сёньня ўсе гэтыя фота для мяне — здымкі блізкіх і дарагіх мне людзей. Гэта візуальны летапіс майго роду і гісторыі краіны на зжаўцелых аматарскіх фатакартках. Этнографы сьцьвярджаюць, што да хрышчэньня ў вераньнях нашых продкаў не было панятку пекла. Быў толькі Вырай-рай. Туды адляталі душы памерлых і птушачкамі жылі на галінках Дрэва Жыцьця.