![]()
Нават у такой закрытай прасторы, як школьная адукацыя, зьмяняць штосьці можна. І школьнікі пачалі гэта рабіць самі. Бачу дзьве супрацьлеглыя рэакцыі людзей у «справе БРСМ». Адзін тэзіс — пра марнасьць «цкаваньня» намесьніцы дырэктаркі 31-й гімназіі Менску, бо так было, ёсьць і доўга будзе, бо такая сыстэма і намесьніца не вінаватая сама па сабе. Другі аргумэнт варта працытаваць амаль цалкам. «Ну што, дзеткі-гімназісты. Найніжэйшы вам паклон. . . Ківач такі калыхнуўся. Зараз па ўсёй краіне на пэднарадах чуваць: «Аёй, ну ня хочуць дзеткі ўступаць у БРСМ, ды і ня трэба ўгаворваць. Гэта ж добраахвотна. . . ». Натуральна, мы ня можам спраўдзіць, наколькі маштабна па ўсёй краіне адбываюцца пэдагагічныя нарады наконт скандалу з 31-й менскай гімназіяй. Але «па ўсёй» — гэта значыць, што чалавек атрымлівае аднолькавую інфармацыю ад многіх былых калег. Я веру гэтаму паведамленьню, бо яно ўпісваецца ў філязофію «пэдагагічнай работы» ў Беларусі, як я яе разумею. Прынцыпова нічога не зьмянілася з часоў майго школьніцтва, хіба «ВЛКСМ» замяніўся на «БРСМ».