Каталікі адзначылі Дзень Усіх Святых

Вернікі маліліся за спачын душаў продкаў. Свежыя кветкі і запаленыя знічы. Гэтыя знакі памяці да надмагілляў сваіх родных з раніцы прыносяць вернікі. На каталіцкіх могілках Берасця сёння нямала наведнікаў, паведамляе «Белсат». «Дзед у Кобрыне пахаваны, а прадзеды – тут. Вось, мы сюды прыходзім». «Памятаць сваіх продкаў, свае карані, перыядычна ўзгадваць іх. Для сям’і, для шчасця гэта найважнейшае свята ў жыцці». Што праўда, нябожчыкаў паводле касцельнай традыцыі памінаюць пазней – з другога да восьмага лістапада. Дзень жа святых перадусім мае быць прысвечаны набажэнству ў бажніцы. Пашану аддаюць усім – не толькі сваім, але і невядомым памерлым:«Мы ўсіх памінаем, мы мусім памінаць. Гэта нашыя продкі». «Прывіваем дзецям, на могілкі іх прывозім, і паказваем, і распавядаем, што тут пахаваныя нашыя продкі, тут пахаваныя нашыя салдаты». Асвячэнне могілак і адмысловая служба прайшлі ўвечары. Вернікі маліліся за спачын душаў продкаў.