Свята ўсяго трыумфуючага Касцёла

Што вядома пра свята 1 лістапада. 1 лістапада мы ўзгадваем і ўшаноўваем усіх святых: як вядомых, так і невядомых, піша catholic. by. Касцёл як містычнае Цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што «Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых» (пар. Мк 12, 27). Таму мы гаворым пра тры вымярэнні Касцёла: Касцёл пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы. Касцёл пілігрымуючы, або вандроўны, які таксама называюць «ваюючым» — гэта вернікі, якія, жывучы на гэтым свеце, нібы пілігрымы, ідуць шляхам свайго зямнога вандравання да вечнай нябеснай Айчыны, змагаючыся пры гэтым са спакусамі і такім чынам ваюючы са злом. Пакутуючы Касцёл — гэта душы памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы. Цысцец — гэта не месца, а стан душаў, якія церпяць ачышчальныя пакуты, каб, падтрыманыя малітвамі жывых вернікаў і святых, яны маглі ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Яны пазбаўлены магчымасці маліцца за сябе, але затое могуць маліцца за нас, якія жывем на зямлі.