![]()
Нармальнае жыццё важней, чым захаванне на тронах забранзавелых ізгояў. Дзіўна, як неверагодна, а часам і абсурдна мяняецца свет. Заўсёды стаць ізгоем было не толькі зневажальна, але і стратна ва ўсіх варунках. А цяпер такі статус выгадны, бо заўжды пашкадуюць «добрыя дзядзькі або цёткі». Правіцелі Расіі і Беларусі залезлі ў нішу ізгояў і няблага ў ёй пачуваюцца. Спрадвеку ў любой краіне ў некаторых сем’ях меліся дзеці з адхіленнямі. Стаўленне да іх было розным. Адны людзі стараліся не заўважаць заган, прылашчвалі пакрыўджаных лёсам хоць бы добрым словам, другія ставіліся цынічна — такія ўрадзіліся, што тут зробіш, а трэція — давалі мянушкі, насміхаліся. Але ў любым выпадку быць непадобным на іншых, адчуваць сябе ізгоем — стан пакутлівы. Акрамя таго, добра памятаю, як у маленстве жорсткая дзіцячая грамада бязлітасна выдавала «воўчыя білеты» тым, хто на яе думку нечым правініўся, а яшчэ проста прыезжаму, новаму жыхару гарадскога двара ці вёскі, які «лезе са сваім статутам у чужы манастыр».