![]()
У Горадні ўшанавалі памяць беларускай нацыянальнай эліты. Гарадзенцы ўзгадалі пра трагічную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў менскай турме былі забітыя 132 прадстаўнікі беларускай эліты. У Цэнтры гарадскога жыцця прайшла вечарына, у якой дэкламаваліся вершы закатаваных паэтаў, перадае «Радыё Рацыя». Адмысловы госць Марат Гаравы расказаў пра свой шлях да вывучэння месца масавага забойства жыхароў Беларусі ў Курапатах. Ён засяродзіўся на тым, што важна не даць забыцца пра падобныя месцы, якіх багата ў краіне:- Гэта самае галоўнае, што трэба зараз рабіць. Гэтую тэму трэба папулярызаваць, яе трэба несці ў народ. З аднаго боку, калі мы стваралі сваю ініцыятыву, мы паставілі задачу вярнуць Курапаты ў грамадскую свядомасць. Вось гэта была першая задача. І мы нешта зрабілі, робім і будзем рабіць. Мы павінны зараз пашыраць гэтую працу. Трэба кніжкі пра гэта рабіць, у тым ліку для падлеткаў, бо ў нас увогуле няма літаратуры пра Курапаты. Усё, што робіць існая ўлада ў Курапатах, і тэма нявінна расстраляных камуністычным рэжымам, на думку Марата Гаравога, працуе дзеля пашырэння ведаў пра масавыя забойствы на тэрыторыі Беларусі.