«У яго аптэцы і рэстаране заўсёды вісела мапа Беларусі»

Лаўрын Клыбік дасягнуў поспехаў у Брусэлі, але ганарыўся сваім паходжаннем і Радзімай. Фармацэўт-гамеапат, актыўны дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Бельгіі Лаўрын Клыбік (1928-2005) — мой зямляк. Ён нарадзіўся 23 кастрычніка 1928 года ў вёсцы Хадзявічы на Слонімшчыне. Сябраваў з маім бацькам. Але Другая сусветная вайна іх сяброўства спыніла. Лаўрын Клыбік нарадзіўся ў вясковай багатай сям’і. Бацька да арганізацыі калгасаў меў 25 гектараў уласнай зямлі. Але пасля вайны, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада, і пачалі сілаю ўсіх заганяць у калгас, сэрца маладога гаспадара не вытрымала, і ён у 1953 годзе памёр. Без бацькі засталіся 6 дзяцей. Лаўрын у гэты час быў ужо за мяжой. Калі немцы адступалі, яны вывозілі са Слоніма, што маглі. Забралі таксама вучняў са школы, у тым ліку і Лаўрына. У чэрвені 1944 года іх дэпартавалі ў Нямеччыну, пасля — у Францыю капаць акопы, будаваць лінію абароны супраць амерыканцаў. Але доўга не прыйшлося там працаваць, бо фронт наблізіўся вельмі хутка.