У Менску прапанавалі ўсталяваць помнік беларусам-праведнікам

Эскіз быў зроблены яшчэ ў 2013-м. З прапановай адкрыць у Менску манумэнт, прысьвечаны беларусам, якія дапамагалі габрэям падчас Другой усясьветнай вайны, 22 кастрычніка выступіў Сэм Клігер — начальнік аддзелу ў справах Беларусі, Расеі і Ўкраіны Амэрыканскага габрэйскага камітэту ЗША, паведамле «Радыё Свабода». Сваю ініцыятыву ён агучыў падчас круглага стала «Трагедыя Менскага гета: памяць і ўрокі», які праходзіў сёньня ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі:«Такі манумэнт выконваў бы адразу дзьве задачы. Па-першае, ён бы сьведчыў пра тое, як шмат габрэяў нацысты зьнішчылі ў Беларусі. Па-другое, ён бы нагадваў пра герояў-беларусаў, якія ахвяравалі сваім жыцьцём дзеля таго, каб выратаваць габрэяў». Архітэктарка Галіна Левіна, якая ўдзельнічала у круглым стале, сказала, што яе бацька Леанід Левін яшчэ ў 2013 годзе зрабіў эскіз такога помніка:«Дагэтуль яго можна пабачыць у менскай Гістарычнай майстэрні. Але тады ўзьнікалі фінансавыя праблемы. Пасьля бацька памёр, і справа заглухла».