![]()
Радашковічы вядомыя з 15 стагоддзі, у розны час належалі Гаштольдам, Глебавічам, Агінскім, Радзівілам, Боне Сфорца. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы Радашковічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польшчы, перадае «Радыё Рацыя». У гэты час у пасёлку актыўна развіваецца беларускае культурнае і грамадска-палітычнае жыццё. Уявіць гэтыя працэсы без Аляксандра Уласава немагчыма. Дзякуючы яму, тут з 1922 па 1928 гг. (па некаторых звестках па 1929 г. ) працуе Беларуская гімназія імя Францыска Скарыны. Гэта была адна з пяці беларускіх гімназій, якія працавалі на этнічных беларускіх землях у складзе ІІ Рэчы Паспалітай. У 1925 г. у гімназіі настаўнікам малявання працаваў Язэп Драздовіч. У Радашковіцкай Беларускай гімназіі вучыўся і будучы пісьменнік Максім Танк. Сюды прыязжала шмат беларускіх грамадскіх дзеячоў: Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін, Альберт Паўловіч і інш. Да распаўсюжвання беларускай мовы, культуры і традыцый сярод мясцовага насельніцтва актыўна далучаецца і Таварыства беларускай школы (ТБШ).