«Ужо празь некалькі гадоў здолелі дамагчыся Незалежнасьці Беларусі»

30 гадоў таму быў утвораны Аргкамітэт БНФ. 19 кастрычніка 1988 году ў памяшканьні тагачаснага Дому кіно (касьцёл Сьв. Сымона і Алены) быў утвораны аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Трымаю вузкую палоску паперы, на якой праз капірку надрукавана:«Арганізацыйная група па стварэньню Беларускага камітэта памяці ахвяраў сталінізму (Камітэт 58) запрашае Вас прыняць удзел ва ўстаноўчым сходзе, які адбудзецца 19 кастрычніка ў 18-00 па адрасу Савецкая, 15 (Дом Кіно, Мінск). На сходзе Камітэта „58“ будзе прынята праграма дзеяньняў, статут, выбраныя кіруючыя і рабочыя ворганы». Лічба “58” — нумар артыкула сталінскага крымінальнага кодэксу, па якім былі расстраляныя ды сасланыя ў ГУЛАГ мільёны ахвяраў. Гэтае запрашэньне перадаў мне Аляксандар Лукашук у рэдакцыі «Звязды» раніцай, а ўжо ўвечары ў Доме кіно я пабачыў дзясяткі знаёмых — пісьменьнікаў, гісторыкаў, навукоўцаў. Пасяджэньне адбывалася на другім паверсе Дому кіно (некалькі гадоў таму пасьля рэканструкцыі касьцёлу вярнулі першапачатковае аблічча, пазьнейшыя перакрыцьці разабралі ды аднавілі адзіную малельную залю).