Павел Севярынец: Патрэбны беларускі лідар

Калі кожны чалавек будзе адчуваць сябе лідарам, тады мы і пабудуем сапраўдную Беларусь. У Менску 18-га кастрычніка пачалі працу лідарскія курсы, іх арганізаваў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. У размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам палітык распавёў пра іх асаблівасці і ролю грамадскага лідара ў сучаснай Беларусі:- Бясплатныя лідарскія курсы пачынаюцца ў Менску – гэта працяг добра вядомых курсаў “Ды-джэяў Адраджэння”. Зараз мы іх пазіцыянуем трошкі па-іншаму, бо раней многія, хто атрымліваў рэкламу, думалі, што гэта курсы для нейкіх меламанаў. У рэальнасці гэта курсы для лідараў, якія гатовыя працаваць у асветніцкай сферы, у сацыяльнай сферы, у грамадскай, нават палітычнай. Рыхтуем універсальных лідараў, такі асаблівы грамадскі спецназ. Курсы будуць доўжыцца тры месяцы – шточацвер дзве гадзіны, дзевяць тэарэтычных заняткаў, тры практычных. Масавая індывідуальная псіхалогія, лідарства, асоба, адказнасць. Самыя розныя тэхналогіі: блогінга, працы з медыямі, арганізацыя акцыяў і правядзенне кампаніяў.