![]()
Помнік канцлеру Вялікага Княства Літоўскага плануецца паставіць напачатку верасня 2019 года. Слонімскі райвыканкам аб’явіў конкурс эскізных праектаў помніка былому старосту Слоніма, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу (1557-1633). Помнік плануецца паставіць напачатку верасня 2019 года падчас рэспубліканскага свята Дня беларускага пісьменства, паведамляе «Радыё Рацыя». Помнік Льву Сапегу ў Слоніме плануюць паставіць ужо шмат гадоў, але ён так і не з’явілася. Спачатку помнік Льву Сапегу абяцаў зрабіць народны мастак Беларусі Іван Міско, які родам са Слонімшчыны, але мастак і райвыканкам за шмат гадоў так і не дамовіліся ажыццявіць добрую справу. Тым больш, што Іван Міско – ганаровы грамадзянін Слоніма, мог бы і пакінуць пасля сябе нешта роднаму гораду, але ён падарункаў сваёй маленькай радзіме дарыць не пажадаў. Іван Міско ужо зрабіў эскіз будучага помніка, яго планавалі ўстанавіць у цэнтры Слоніма на Першамайскай вуліцы ў скверыку, але да канкрэтнай справы рукі так і не дайшлі.