Маска для маці

Калі ласка, проста адчапіцеся ад мам. Адна мая знаёмая ладзіць для жанчын так званую школу мам «Кіслародная маска». Яна не вучыць іх быць яшчэ лепшымі мамамі, а паказвае, што яны ўжо добрыя, і нагадвае, што кіслародную маску трэба спачатку насоўваць на сябе, і толькі потым на дзіця. Маці, якая страціла прытомнасьць, нічым ужо ня зможа дапамагчы дзіцяці, і гэтае правіла працуе ня толькі ў авіякатастрофах. У нас жа збольшага прынята вучыць мам, як паводзіць сябе, каб быць найбольш зручнымі для навакольных. Як зрабіць дзіця бязгучным і нябачным, як прымусіць яе ці яго па некалькі гадзін сядзець на адным месцы, куды хавацца, каб пакарміць грудным малаком. Што пры гэтым усім адчувае сама мама, мала каго цікавіць. Яна ж выконвае Вялікую Місію, а дзеля гэтага нібыта можна і пацярпець. Але ў Дзень маці я хачу пайсьці насуперак традыцыі і зьвярнуцца да ўсіх неабыякавых: калі ласка, проста адчапіцеся ад мам. Шкада, што ні доктаркі ў жаночай кансультацыі, ні брашуры, ні іншая сацыяльная рэкляма не папярэджваюць жанчын: калі вы станеце мамамі, вы аўтаматычна будзеце ўсім павінны і ва ўсім вінаваты, любы чалавек зможа ўказаць вам, як выхоўваць дзіця, і абразіць у тым выпадку, калі вы ня станеце імгненна падпарадкоўвацца.