Язэп Драздовіч, якім яго ведаюць на Глыбоччыне

Маршрут на малую радзіму вялiкага мастака. Гэта зараз мы бачым помнік яму так часта на ўваходзе ў Траецкае прадмесце, але гадоў 70 таму яго ведалі толькі там, дзе ён вандраваў у пошуках працы і прытулку. Мы адправіліся на Глыбоччыну, малую радзіму мастака, каб даведацца, якім там дагэтуль памятаюць Язэпа Драздовіча, пiша planetabelarus. by. Фота: planetabelarus. by Пунькі на Галубіцкай пушчы Драздовіч нарадзіўся ў 1888 годзе ў Дзісенскім павеце. У дзённіку мастак часта ўспамінае «яго Дзісеншчыну». Сёння тэрыторыю былога павета займае Глыбоцкі раён, часткова Шаркаўшчынскі, Міёрскі і Докшыцкі. Сярод шматлікіх замалёвак Дзісеншчыны ёсць у Драздовіча і некалькі малюнкаў засценка Пунькі, дзе ён нарадзіўся. Фота: planetabelarus. by Засценкам раней называлі паселішча накшталт хутара, якое здавалася ў арэнду дробнай шляхце. Да такіх збяднелых шляхцічаў належаў і бацька Драздовіча. Калі нарадзіўся Язэп, сям’я арэндавала Пунькі за 30 кіламетраў ад Глыбокага, побач з пасёлкам Падсвілле.